СТЫ́ЛІ МО́ВЫ, стылі функцыянальныя,
разнавіднасць мовы з пэўнымі асаблівасцямі фанет., лексічных, марфал., сінтакс. сродкаў, адбор якіх залежыць ад задач камунікацыі. Іх існаванне абумоўлена патэнцыяльнымі рэсурсамі мовы, яе сінанімікай. Для фарміравання функцыян. С.м. патрэбны і знешнія, экстралінгвістычныя фактары, што вызначаюць умовы адбору моўных адзінак: форма зносін (вусная і пісьмовая, дыялагічная і маналагічная), сац. сфера зносін (быт., вытв., дзярж. і г.д.), змест інфармацыі (тэма і прадмет выказвання), мэта і ўмовы зносін (характар узаемаадносін удзельнікаў акта камунікацыі: паведамленне, просьба, загад і г.д. Вылучаюць размоўны стыль, афіцыйна-дзелавы стыль, навуковы стыль, публіцыстычны стыль, мастацкі стыль. Усе С.м., акрамя размоўнага, — кніжныя стылі. Межы паміж С.м. адносныя, умоўныя. Ім аднолькава ўласціва тэндэнцыя да раздзялення, дыферэнцыяцыі і тэндэнцыя да ўзаемапранікнення, узаемаўплыву і нейтралізацыі стылявых моўных сродкаў. С.м. вывучае стылістыка.
Літ.:
Юрэвіч А.К. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1983;
Цікоцкі М.Я. Стылістыка беларускай мовы. 2 выд. Мн., 1995.
А.К.Юрэвіч.
т. 15, с. 226
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)